Г. П. ГЛУШАКОВА, выкладчыца Магілёўскага педінстытута. Пачатковая школа Чэрвень 1993г.
«А на Йвана-Купала…»
Сцэнарый свята для вучняў пачатковай школы
Пры святкаванні Купалля настаўніку пачатковай школы нельга абысціся без дапамогі вучняў старшых класаў, бо Купалле — свята моладзі.
Сцэнарый прапануе фальклорны матэрыял, які дапаможа маленькім вучням стаць удзельнікамі гэтага свята.
На квяцісты луг выходзяць дзяўчаты-прыгажуні. Гучна ліецца песня:
Пойдзем, пойдзем лугам,
Лугам зеляненькім.
А у лузе цвітуць цвяточкі,
Там дзяўчаты водзяць таночкі.
Многа песень спета
Пра цёплае лета.
Толькі Ганначка не спявае,
У буйных травах кветкі збірае.
Кветкі збірае,
У вяночак уплятае:
— Пакацісь, вяночак, у дварочак,
Дзе жыве мой мілы дружочак.
Хай ён знае, знае,
Хто яго чакае,
Хай вячэрняй роснай парою
У луг зялёны прыйдзе за мною.
Як толькі песня заканчваецца, дзяўчаты пачынаюць збіраць кветкі, каб звіць сабе купальскія вяночкі. Да іх выходзіць, спяваючы, Купала, апранутая ў народны строй, з кветкай у руцэ.
Купала
А на Йвана-Купала дзеўкі краскі ірвалі.
А дзе тая травіца, што брат-ды-сястрыца?
А ці ведаеце, адкуль з’явілася назва гэтай кветкі? Даўно тое было. Жыла сабе прыгажуня Мар’янка. Аднойчы завітаў у тыя мясціны малады панічок. I як убачылі яны адзін аднаго, дык адразу закахаліся. Вырашыў паніч ажаніцца з гэтай дзяўчынай, але спачатку трэба спытацца дазволу ў Мар’янчынай маці. Маці згадзілася, бо вельмі спадабаўся ёй паніч.
I вось маладыя ўжо абменьваюцца сваімі крыжыкамі. Калі маці Мар’янкі ўзяла панічоў крыжык, з вачэй яе пакаціліся слёзы: яна пазнала свайго сына, якога аддала ў горад, у панскую сям’ю, у тыя часы, калі ёй цяжка было гадаваць малых дзяцей:
Не могуць Мар’яна з паночкам быць мужам і жаною,
Бо яны родныя брат з сястрою.
Але закаханыя не ведалі, як ім жыць цяпер адзін без другога. Брат і кажа:
Пойдзем, сястрыца, у поле, рассыплемся там травою,
А на Йвана-Купала выйдуць дзеўкі краскі рваць,
Выйдуць дзеўкі краскі рваць, нас з табою ўспамінаць:
Дзе ж тая травіца, што брат-ды-сястрыца?
На браціку сіні — цвет, на сястрыцы — жоўценькі.
Кожная купальская зёлка мае сваю вельмі цікавую гісторыю. Па кветках, верылі людзі, можна даведацца аб здароўі сваіх родных. Для гэтага напярэдадні купальскай ночы трэба ўваткнуць кветку купалкі паміж бярвенняў хаты і загадаць на чалавека. Калі кветка пасля ранішняй расы не звяне, значыць, таму, на каго загадалі, жыць доўгія гады.
А зараз паглядзіце, якія цудоўныя вяночкі сплялі дзяўчаты з купальскіх зёлак.
Дзяўчынкі надзяваюць вяночкі і пачынаюць вадзіць карагод:
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана,
Проці Йвана ночка мала.
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана —
Дзе Купала начавала?
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана —
Начавала ў чыстым полі.
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана —
У чыстым полі, у густым жыце.
Ой, рана на Йвана.
Купала
Ой, месячык, месячык,
Узыдзі ты раненька,
Развядзі купалейка.
Дзеўкам на пяянейка,
Хлопцам на гулянейка,
Бабкам на сядзенійка,
Дзеткам на глядзенійка,
Музыкам на йгранейка.
Гучаць беларускія народныя мелодыі: “Лявоніха”, “Мікіта” і інш.
Купала Ой, і музыкі. Дзякуй, што павесялілі нас на нашым свяце. А цяпер час і касцёр запаліць ды ўсю нечысць адсюль выгнаць.
Дзяўчынкі нясуць бенгальскія агеньчыкі, а хлопцы запальваюць вогнішча. Усе радасна глядзяць на агонь.
Купала:
Ці ўсе на свята прыйшлі?
Дзеці:
Усе!
Купала:
Бо хто ня йдзець на купалле глядзець,
Няхай той ляжыць калодаю,
Ой, калодаю бярозавай:
Як сонца грэе — калода прэе,
Як дожджык ідзе — калода гніе.
3 бубнамі, гармонікам у круг заходзяць дзеці. Самая смелая з дзяўчынак звяртаецца да прысутных:
— Ці можна завітаць да вас у госці на свята?
— Вельмі рады вам, дзевачкі-прыпевачкі!
— А мы і сапраўды вам прыпевак назбіралі.
Такі-сякі целяпень
Па бацьку ўдаўся.
Каля тыну, каля плоту
У крапіву схаваўся.
А як вылез з крапівы,
Узяўся за бокі:
— Паглядзіце хлопцы, дзеўкі,
Які я высокі.
Чыкі, чыкі чыканачкі,
Едзе баба на саначках.
Пытаецца ў Васіля:
— Ці далёка да сяла?
— Ах ты, баба слепавока,
Бачыш: сяло недалёка.
(Гэтыя прыпеўкі можна Інсцэніраваць.)
Гучыць музыка, І пад яе ўсе пачынаюць скакаць праз вогнішча.
Купала:
Гарэла купала ясенька,
На купала дзевачак поўненька,
А хто гэта купала разлажыў —
Каб таму бог жыта зарадзіў,
А хто гэта купала патушыў —
Каб таго чорт задушыў.
Купала робіць акцэнт на слове “чорт”, І адразу пасля гэтага на луг выбягае ўсякая нечысць: ведзьма, лясун, пачвара, русалкі.
Гучыць наступная частушка, якую “госці” інсцэніруюць:
А на гарэ купарос,
А чорт мальца за чуб трос.
Ён і трос і калаціў,
Усё праўды дахадзіў.
Але праўды не знайшоў,
Засмяяўся і пайшоў.
Ведзьма: А, вось і пра нас успомнілі! А ці можна прысесці адпачыць на вашым лужку? Нешта я моцна стамілася: дарога цяжкая была…
Чорт: I не дзіва: лясун добра заблытаў усе дарожкі, каб ніхто папараць-кветку не знайшоў.
Лясун: О, я сваю работу ведаю: усякая травінка хістаецца, кожны чалавек спужаецца, бо пад кожны кусцік я нечысць пасадзіў. (Ідзе і адгортвае вецце, а там пачвары лясныя паказваюцца, людзей палохаюць. Але Купала “сапсавала” настрой нечысці, бо выйшла наперад з запаленай свечкай.)
Купала: Здаецца, рана вы ўзрадаваліся! (Звяртаецца да гледачоў.) Са старажытных часоў лічылася, што ведзьмы хадзілі па межах і жыта ламілі, каровак чужых даілі, дзетак малых пужалі. Менавіта на Купалле трэба было выгнаць ведзьму з сяла, з хаты. У розных мясцінах Беларусі рабілі гэта па-рознаму. Недзе запальвалі кола і кацілі яго вакол усяго сяла. У другой вёсцы вакол цягнулі барану, а потым яе запальвалі. Хлопцы выцягвалі лаўкі каля двара сваёй каханай дзяўчыны: ведзьма прыйдзе, а сесці ёй няма дзе. А каб не зайшла нечысць у хату, то дзверы закладалі дровамі. I мы з вамі таксама прагонім ведзьму з усёй нечысцю з нашага лугу.
Купала з запаленай свечкай абыходзіць круг і чытае замову:
«Хадзі, ведзьма, за пні, за балоты, за гнілыя калоды, за цёмныя ляскі, за жоўтыя пяскі, за сіняе мора, за гаруч-камень. А ў нас у лузе не хадзі, дзетак нашых не пужай, сілы ў іх не адбірай».
Здаля гучыць песня “Купалінка”, і да вогнішча падыходзіць прыгожая дзяўчынка Купалінка. Яна трымае ў руцэ папараць-кветку. Уся нечысць адступае.
Купала (бярэ дзяўчынку за руку):Вось яна, кветка шчасця. Той, хто знойдзе гэтую кветку, будзе шчаслівы ўсё жыццё, будзе багаты і мудры, зможа разумець мову птушак і звяроў.
Купалінка: Гэць адсюль, нячыстая сіла!
Ведзьма (кідаецца да гасцей): Толькі не ганіце мяне ад сябе. Абяцаю па межах не хадзіць, жыта не ламіць, дзетак малых не пужаць.
Лясун: А я, лясун, абяцаю нікога не дражніць, у гушчар не заклікаць, а ў карагодах танцаваць, песні пець ды дзяўчат чараваць.
Чэрці і русалкі: А мы, чэрці і русалкі-шаптуніцы, будзем хлопцам словы падказваць, каб яны ўсё жыццё дзяўчат кахалі ды пра гэту купальскую ноч усё жыццё ўспаміналі.
Гучыць вясёлая музыка, і ўсе танцуюць каля вогнішча. Калі музыка сціхае, Купала кліча дзяўчат вяночкі ў ваду пускаць:
Пойдзем, дзяўчаты, вяночкі ў ваду пускаць,
Сваю долю дзявоцкую пытаць.
Першая дзяўчынка: Калі мая воля добрая — звіся вяночак, як гаёчак.
Другая дзяўчынка: Калі мая доля шчасная — хай свеціць сонца яснае.
Гучыць песня “Купалінка”:
Купалінка, Купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
Дзе ж твая дочка?
Мая дочка у садочку,
Ружу, ружу поліць.
Ружу, ружу поліць,
Белы ручкі коліць.
Кветачкі рвець,
Кветачкі рвець —
Вяночкі звівае.
Вяночкі звівае,
Слёзкі пралівае.
Купала: Вось і скончылася наша купальскае свята!
Дзевачкі напяяліся,
Хлопцы нагуляліся,
Бабкі насядзеліся,
Музыкі наіграліся.
А вам, дарагія госці,
Дзякуй, што наглядзеліся.
Усе разам спяваюць песню «Ой, рана на Йвана». Калі свята праходзіць на сцэне, удзельнікі адорваюць прысутных кветкамі.
Яшчэ на гэту тэму:
Купальскія гульні А на купалу рана сонца іграла
Сцэнарны план свята
- Народны кірмаш.
- Збор на зыходным месцы. Арганізацыйны падзел на шэсць груп.
- Праходка праз прошчу (сакральнае месца) і Лясныя кропкі.
- “Шэст з колам-“сонцам”;
- “Чыстая брама”;
- “Пляценне вянкоў”;
- “Гэй, грамада!” (народная беларуская гульня)
- “Купалінка” (народны беларускі выгляд)
- “Чорныя сілы купальскай ночы”;
- “Вадзяніцы” (русалкі)
- “Лясное вогнішча”;
- “Папараць-кветка”;
- “Беларускі ручаёк” (беларуская народная песня).
- Вячэра-барбекю
- Канцэрт фальклорна-танцавальных калектываў
- Спальванне Мокшы
- Кіданне вянкоў у ваду. Варажба.
Ход свята
Падрыхтоўчы момант свята
Народны кірмаш
Перад самым пачаткам свята магчыма арганізаваць беларускі кірмаш па продажу разнастайных беларускіх сувеніраў, народных вырабаў, беларускіх ласункаў і г.д. Усё гэта музычна афармляецца сродкамі народных спеваў па меры магчымасці. Больш просты варыянт музычнага афармлення – выкарыстанне электратэхнічных сродкаў, але з рэпертуарам беларускіх мелодый.
Інфармацыйнае забеспячэнне
Перад самым святам на спецыяльным інфармацыйным шчыце можна даць агульнае уяўленне аб народных беларускіх святах. Пры дапамозе разнастайных малюнкаў, гліняных вырабаў, мастацкіх ілюстрацый і іншых вырабаў народнай творчасці даецца першаснае знаёмства са святам Купалля ў прыватнасці і беларускімі абрадамі наогул. Таксама інфармацыйна афармляецца ход і план святочнага вечара.
Мастацкае афармленне
На беразе возера (можна і на спартыўнай пляцоўцы. Такім чынам лепш вырашаюцца праблемы гульнёвай сінхроннасці) выкладзены з каменняў дзва круга дыяметрам 40 і 20 метраў. У цэнтры – шэст, на якім умацована кола, якое сімвалічна абазначае сонца. Летняя эстрада, пірс упрыгожаны вянкамі палявых кветак, каляровымі гірляндамі з раслін і тканіны. Па меры магчымасці можна зрабіць гульнёвыя атракцыёны: драўляныя арэлі, гродненскі слуп, тураўскую латарэю, перахват, міорскі павук і г.д. На возеры плаваюць лодкі, аформленыя адпаведным вобразам.
Арганізацыйны момант
Папярэдне усе удзельнікі, народная грамада, падзяляюцца на шэсць груп. Кожнай групе ўручаецца вандроўка (ліст з маршрутам пераходу по Лясной сцяжынцы). Потым у назначаны час яны збіраюцца на месцы, дзе усталёўваны шэст з колам-“сонцам”. Удзельнікам прапануецца узяць любы прадмет так ці інакш звязаны з лесам (кавалачак кары, кветка, шышка і г.д.), які будзе сімвалізаваць рэшткі нечага дрэннага і нячыстага. Кожная група насе з сабою выяву Мокшы, увасабленне злых сіл.
Асноўны змест свята
Пачатак. Праход па святочнай прошчы.
Усе удзельнікі збіраюцца на святочнай прошчы. Гучаць матывы беларускай народнай музыкі. Выходзяць вядучыя – Янка і Ганна — свята у беларускіх народных касцюмах.
— Добры вечар, шаноўныя спадары і спадарыні.
— Прывітанне, сябры і сяброўкі.
— Мы вітаем вас у гэты цудоўны летні вечар на нашым свяце.
— Сёння свята, вяселле і гам,
Дык зайграй сонейка, зайграй нам.
— Каб зялёныя лугі шумелі,
Каб скакалі сосны ды елі.
Зайграй сонейка, зайграй нам.
— Сёнешняе свята прысвечана цудоўнаму святу Сонца.
— Сонца – гэта цяпло, гэта свет, гэта шчасце і багацце.
— Сонца – гэта пакой і чысціня.
— Пагэтаму мы прапануем вам спачатку прайсці па святочнай прошчы, пакінуць усе нядобрыя думкі, забыць усе крыўды і нягоды.
— Гэй,грамада! Хутчэй на свята.
(Гучыць мажорная народная музыка, удзельнікі свята праходзяць па святочнай прошчы вакол шэста, які у сваю чаргу знаходзіцца у цэнтры дзвюх кругоў, выкладзеных з каменняў. Праход па унутранай лініі акружнасці пад абрадавыя песні — “Дарожка”, “Святое пятро у поле ходзе” — сімвалізуе сувязь народнай грамады з светлымі сімваламі сонца, з добрым лясным духам і водарам). У цэнтр круга кідаецца сімвалы дрэннага настроя і г. д. Для ліквідацыі арганізацыйнага хаоса лепш за ўсё групам збірацца у розных кропках).
— А зараз мы прапануем вам прайсці праз усе лясныя кропкі.
— Будзьце вельмі пільнымі, бо толькі сёння, толькі у гэту ноч усе злыя лясныя сілы паспрабуюць вам нашкодзіць і сапсаваць святочны настрой.
— Уперад, народ, гэй, усе на свята.
(Пасля праходу па прошчы удзельнікі праходзяць праз лясныя кропкі, зыходзячы напрамкам пераходу, указанай у вандроўцы. Лепей будзе, калі вядучы групы будзе з факелам).
Праход па Лясных кропках
Чыстая брама
— Добры вечар, паважаныя госці. Хай будуць чыстымі у вас і рукі, і думкі, і сэрца. Хай светлае сонейка абароніць вас ад усіх напасцей, хай толькі добрыя і чыстыя людзі сустракаюцца на вашым шляху.
Удзельнікам прапануецца прайсці праз браму, апаласнуць рукі і выцірці іх белым рушніком. Усё гэта неабходна для таго, каб ачысціцца, засцерагчыся ад злых сіл. Магчыма на гэтым этапе арганізаваць пачастункі, выпечку у выглядзе лясных звяроў, птушак і г.д.
“Пляценне вянкоў”
На гэтым адрэзку Лясной сцежцы удзельнікі сустракаюць Купалінку – як самы яркі вобраз беларускіх народных традыцый, — якая, спяваючы купальскія песні, прапаноўвае сплясці вяночкі.
— Прывітанне, сябры. Я – Купалінка, светлы вобраз усяго найлепшага і добрага. Жадаю вам светлага шчасця ў гэты святочны вечар. Хай вас абароніць гэты вянок, сімвал сонца, сплецены з чароўных лясных кветак
Варыянт: вянкі ужо падрыхтовыны і Купалінка разам з ляснымі прыгажунямі даруюць іх удзельнікам свята (адзяваюць на галаву). На заднім фоне – некалькі дзяўчат плятуць вянкі, не удзельнічаючы у гутарцы Купалінкі. Далейшы рух наперад адбываецца па спецыяльнай адзначанай на зямлі сцежцы, да якой нібыта не могуць падыйсці чорныя сілы.
“Гэй, грамада!” (народная беларуская гульня)
На гэтым этапе грамадзе прапануецца пазнаёміцца з беларускімі гульнямі.
— Добры дзень, паважаныя сябры! А ці не згуляць нам у цудоўную гульню? Я так і ведала, што вы згодны. (Прапануецца народная беларуская гульня “Клубок”)
“Клубок”
Дзеці стаяць у крузе і гавораць нараспеу: «Холадна стала, трэба ніткі матаць». Назнача-нае дзіця падыходзіць па чарзе да кожнага, кланяецца і запрашае
ісці за сабой, а таксама паўтарыць фразу “Добры дзень” Так працягваецца да таго часу, пакуль усе не стануць адзін за адным, узяушыся за рукі. Першы у радзе пачынае ру-хацца па спіралі і вядзе за сабой астатніх.Так утвараецца вялікі клубок. Пасля гэтага першы у радзе
гаворыць:
— Холадна стала. Вось і гатовы наш клубок. Трэба цёплы шаль вязць.
У гэты час клубок паступова размотваецца у доўгі ланцужок, і тады вядучы гавораць:
— Які доўгі і цёплы шаль атрымаўся!
“Купалінка” (народны беларускі выгляд)
— Добры-добры дзень. Як цудоўна бачыць вас усіх бадзёрых і шчаслівых. Якія вы усе прыгожыя! А яхачу расказаць вам пра свой нарад.
(Далей удзельнікі свята знаёмяцца з беларускім народным адзеннем і беларускім арнаментам).
“Чорныя сілы ночы
Важна, каб удзельнікі свята палучылі мінімальную інфарамацыю аб купальскай ночы, асабліва аб махлярствах злых сіл.
Пераход да наступнай кропкі суправаджаецца дзеяннем лясной нечысці. Хараводныя скокі цёмных сіл вакол старого дрэва, немудрагелістае абліванне вадой, птушыныя і звярыныя перапевы і перагалосы і г.д.
(сустрэча з лясной кікімарай, якая у выразнай форме апавядае пра дзеянне чорных сіл)
— Гэй, добры вечар хлопцы і дзяўчаты, мабыць, самыя смелыя, раз адважыліся на гэты шлях. У гэту і толькі у гэту ноч у людзей ёсць магчымасць стаць магутнымі і непераможнымі, разумець мову дрэў і птушак. Але ж для гэтага патрэбна знайсці цудоўную папараць-кветку, якая зацвітае на імгненне адзін раз у год. Але ж мы ніколі гэтага не дапусцім. Ну, ці не спужаліся мяне, ці не перадумалі рухацца далей?
(Удзельнікі свята праходзяць паміж дзвюма ямамі, адкуль лезуць чорныя сілы лесу. Света- і піратэхнічныя эфекты дапаўняюць і паглыбляюць уражанне).
“Сустрэча з вадзяніцамі”
Сустрэчы з нячыстай сілай працягваюцца на наступнай кропцы. Удзельнікі свята выходзяць на бераг возера, дзе іх чакаюць вадзяніцы (русалкі).
(на беразе возера некалькі русалак харэаграфічна заманьваюць святочную грамаду да сябе. Вядучы апавядае)
— У канцы чэрвеня, пачатку ліпеня з вады выходзяць вадзяніцы і заманьваюць выпадкова ходзячых хлапцоў. Хто спакусіўся, таго пачынаюць непрыемна казытаць. Засцярогай лічыцца сцяблінкі палыні (у нашым выпадку – любая сцяблінка). Пагэтаму, будзьце вельмі уважлівымі.
(Некалькі русалак знаходзіцца у вадзе на спецыяльным вадзяным матрацы сярод азёрнай расліннасці. Дзеянне завяршаецца абліваннем вадою).
“Лясное вогнішча”
Наступным прыпынкам на купальскай сцяжынцы з’яўляецца невялічкае лясное вогнішча. Дзеянне пачынаецца карагодам лясных прыгажунь:
— Ой, рана, рана, ой рана на Йвана,
— Выйшлі дзеўкі на луг, ой ды сталі ў круг.
— Ой, рана, рана, ой рана на Йвана,
— Выйшлі хлопцы на луг, ой ды сталі усе у круг.
(падключаюцца хлопцы)
— Ой, рана, рана, ой рана на Йвана,
— Распалілі касцёр ды гулялі да зор.
Пасля гэтага удзельнікам прапануецца перапрыгнуць праз вогнішча. Пераскокваць патрэбна спачатку паасобку, а потым парамі.
“Папараць-кветка”
Далейшае падарожжа па лясным сцяжынкам прыводзіць да сустрэчы з Лясным дзядком.
(Вядучы апавядае)
Па народным паданні, гэты дзядок ходзіць па нетрах і збірае у кошык папараць-кветкі. Пагэтаму наш дзядок таксама з кошыкам. Глядзіце, ён зіхаціць святлом. Трэба нам неяк пашанаваць Дзядка.
(Перад дзядком сцелецца белы абрус і кладзецца пачастунак. І толькі пасля гэтага дзядок дорыць кожнаму папараць-кветку (зроблена пры дапамозе тэхналагічных прыёмаў фітадызайна). Вядучы апавядае:
— Кветку патрэбна хуценька схаваць як мага далей, каб лясная нечысць не ўбачыла і не загубіла. Па легендзе, схаваць яе можна толькі пад скуру рукі, але ж мы не будзем гэтага рабіць, будзем спадзявацца, што злая сіла абміне нас стараной.
( Можна арганізаваць абмен кветкамі з пажаданнямі светлых сонечных дней кожнаму).
“Беларускі ручаёк” (беларуская народная песня)
( Грамаду сустракае дзяўчына у беларускім адзенні)
— Ой, які цудоўны у вас настрой. Мабыць ад таго, што вы усе вельмі любіце спяваць песні. Прапаную вам праспяваць і са мною цудоўную беларускую песню.
(Спяваецца песня “Купалінка”, арганізуецца “Ручаёк”).
Вячэра-барбекю
( Пасля праходжання ўсіх Лясных кропак, удзельнікі свята збіраюцца на беразе возера. Выхад вядучых. Гучыць вясёлая беларуская музыка – “Купальскі вечарок”, група “Палац”. Выконваецца харэаграфічная пастаноўка з рушнікамі.).
— Мы зноўку рады бачыць вас!
— І мы вітаем усіх нашых гасцей на гасцінай беларускай зямлі.
— Хлеб ды соль вам, дарагія госці, шчасця і дабрабыту.
(уручэнне каравая афіцыйным гасцям: вялікі каравай – прадстаўнікам Міністэрства, маленькі – усім гасцям).
— Слова прадстаўляецца намесніку Міністра адукацыі Кавалёвай Таццяне Мікалаеўне.
— А зараз прыйшла пара сесці за стол.
— Запрашаем госці адведаць нашы цудоўныя стравы, бо якое свята на галодны жывот.
(госці запрашаюцца адведаць стравы)
Выхад вядучых.
— Цудоўны вечар, цудоўныя стравы.
— Але ж штосьці усе засмучалі.
— Дык давайце пагуляем, дык давайце паспяваем!!
(беларуская гульня “Юрачка”, танцы-карагоды)
Выхад вядучых.
— Мы зноўку рады вітаць вас!
— Бачым, што вы не спужаліся чорных сіл, а нядобрыя сілы спужаліся вас.
— Але ж ходзяць кругам злыя сілы, хочуць спаганіць наша свята.
— Дык давайце перашкодзім,
Злыдням, ведзьмам і чартам,
— Ходзім, людзьма, пойдзім, ходзім
Аддадзім ўсё зло кастрам.
(Два хлапчукі запальваюць вогнішча. У гэты час гучыць песня “Ляцела дзераўцо”. Водзяцца карагоды. Пасля гучыць дуда і вядучыя запрашаюць усіх жадаючых на летнюю эстраду.)
Выхад вядучых.
— Дарагія госці, запрашаем вас усіх на бераг возера.
Свята на возеры
Гучыць песня Купала. У гэты час на лодцы падплывае Купаліш і Купалінка. Грае дуда.)
Выхад на летнюю эстраду купаліша і Купалінкі.
• Добры дзень, дарагія госці.
• Мы рады вітаць вас на гасцінай беларускай зямлі.
• Зусім нядаўна у нас прайшло цудоўнае свята сонца, Купалле і праменьчыкі гэтага свята дасягнулі сёняшняга дня.
• Таму мы і рашылі завітаць да вас у госці.
У гэты час пачынаецца абрад Выбрання Купалінкі. Дзяўчаты апранаюць Купалінку, адзяваюць вяночкі на рукі, на галаву. З двух бакоў падходзяць дзяўчаты і нясуць вяночкі, складваюць іх каля Купалінкі.
Карагод-песня “Купала, Купала, дзе ноч начавала?”.
Купалінка апранае вянкі дзяўчатам. Купаліш каменціруе:
• Вяночкі – гэта не толькі сімвал сонейка. Але ж і пажаданне шчасця, дабрабыту, дастатку, лепшай долі, а галоўнае – знайсці свайго самага лепшага сябра на ўсй жыццё.
(У гэты час удзельнікі фальклорных гуртоў вёсак Сарачы, Камуна, Забалаць і горада Любані адзяваюць вяночкі усім гасцям.
Грае дуда. Выхад Купаліша і Купалінкі.
• Шаноўныя госці. Паглядзіце, чым багата зямля беларуская.
• Вясёлыя песні, жвавая музыка, заліхвацкія танцы і вострыя слоўцы.
Выконваюцца карагодныя ды танцавальныя песні.
Гучыць дуда.
Спальванне Мокшы
Гучыць дуда.
Выхад Купалінкі і Кулпліша.:
• Ах якія цудоўныя калектывы выступалі сёння
• Але ж мы не забываем і пра свята.
• А таксама пра тых, хто гэта свята можа нам сапсаваць.
(Паяўляюцца дзеці, якія нясуць вобраз ведзьмы Мокшы (Марэны).
• Вось яна, павадырка ведзьмакоў і русалак – Марэна, увасабленне зла, хвароб, няшчасцяў. Разам з ёй спалім усё благое і нячычтае. Цягніце ўсё старое і нягоднае, кідайце у вогнішча, каб ачысціць сябе і свой род.
Гучыць песня пра ведзьму.
(Пасля гэтых слоў некалькі прадстаўнікоў кожнай групы падходзяць да вогнішча і кідаюць у яго антрапаморфныя выявы цёмных сіл: Марэны і Мокшы, якія сімвалізуюць зло, хваробы, нягоднасць, няшчасці мінулага года і г.д. Вядучыя запрашаюць да возера, дзе у гэты час падплывае плыт – з левай стараны пірса, — на яім усталёвна асноўная фігура злой нячычтай сілы. Купаліш падпальвае Мокшу і сядае у лодку, а плыт накіроўваецца у далеч возера).
Кіданне вянкоў у ваду. Варажба.
Выхад вядучых Ганны і Янкі.
• Сёння вельмі цудоўны і чароўны вечар. Толькі у гэты вечар дрэвы размаўляюць між сабой і многа чаго цікавага можна даведацца у гэты вечар.
• Ой, Янка, а ці не пара нам і паваражыць, будучыню нашу выведаць.
• Даўно-даўно пара, Ганна. Кідаем свае вяночкі у ваду.
(гучыць лірычная беларуская музыка).
• Каля вянок на месцы, дык у сваёй старане замуж выйдзеш. Калі паплыў у старану – то з той стараны будзе жаніх. Пры гэтым назіраць можна альбо не маргаючы, альбо прыжмурыўшы вочы.
• З чыім вянок сышоўся, з тым і жыццё пражывеш.
• Кідайце на сужанага, дзяўчаты.
• Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак!
(Купаліш з лодкі кідае у ваду вяночак. Пасля з лодкі кідаюць у вады вяночкі з свечкамі. Жадаючыя паваражыць падходзяць да вады і кідаюць свае вянкі.
Гучыць песня “Іван Іванове”.
Запрашэнне на дыскатэку.
Дыскатэка
Заўсёды з намі Колас і Купала
— гучыць мелодыя беларускай народнай музыкі
— выходзяць вядучыя
1 вядучы: Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Гэтыя людзі адзначаны Богам…
2 вядучы: З’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882 год двух паэтаў — гэта Божы дар беларускаму люду.
Янка Купала і Якуб Колас — выразнікі дум беларусаў, яны — вочы, вусны, словы простага чалавека.Іх творы, ян народныя, перадаваліся з вуснаў у вусны і былі настолькі зразумелыя, што кожны мог лічыць іх сваімі, расказанымі ад свайго імя.
***( на дошцы фотаздымкі паэтаў )
1 вядучы: Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Час не мае ўлады над іх творчасцю.
1 чытальнік: Мы павінны ведаць:
Песня загучала.
Жыў на свеце Колас,
Жыў Янка Купала.
Гонар яны мелі,
Нашы беды зналі.
Песні-сказы пелі,
Волю шанавалі.
І цяпер па свеце
Думы іх лунаюць
На ўсёй планеце
Іх імёны знаюць.
Шануй іх імёны,
Беларус сучасны,
У краіне нашай —
Беларусі шчаснай.
Жыў на свеце Колас,
Жыў Янка Купала.
Чуеш ты іх голас?
Песня загучала!.
( фота з выявамі мясцін, дзе нарадзіўся Я. Купала )
1 вядучы: Нарадзіўся Янка Купала — Іван Дамінікавіч Луцэвіч — у ноч на Купалле 25 чэрвеня ( па новым стылі — 7 ліпеня ) 1882 года ў фальварку Вязынка. “ Тут прыгожа і міжволі пачынаеш разумець, што толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца чалавек з прыгожай душой” — пісаў У.Караткевіч
( фота: хата, у якой нарадзіўся Янка Купала )
2 вядучы: Вось тут, у хатцы простай, як сляза
І нарадзіўся некалі Купала.
Ён нарадзіўся, каб пасля сказаць,
Што Беларусь у свеце не прапала.
1 вядучы: Гадаваўся Янка хлопчыкам дапытлівым і ўражлівым, ахвочым да навукі. Кожны дзень адкрываў хлопчыку новыя тайны і так хацелася хутчэй спасцігнуць іх!
2 вядучы: Свой псеўданім Янка Купала выбраў невыпадкова. Гэтым прозвішчам ён падкрэсліў імкненне сваёй дзейнасцю дапамагчы знайсці папараць-кветку, кветку шчасця абяздоленаму беларускаму люду.
1 вядучы: А ён падрастаў, беларускі хлапчук,
З прачулай, гарачай душою,
І ўсё , што пабачыў, усё, што пачуў,
У сэрца ўбіраў маладое.
2 вядучы: Сястра Янкі Купалы Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская, успамінала: “Ясь не меў часу чытаць удзень, бо трэба было працаваць па гаспадарцы.Чытаў увечары і ўночы. Чытаў пры лямпе, пры лучыне, на начлезе пры вогнішчы. Кніжцы ён аддаваў кожную вольную хвіліну. Што б ні рабіў, заўсёды пры сабе меў кніжку.
1 вядучы: Такім і быў ён, задуменны
Даступны і негаваркі ;
Увайшоў у дом, у круг сямейны,
Як уваходзяць сваякі.
2 вядучы: Народныя песні будзілі душу—
Тужлівыя, быццам шум бору….
І сталі з дзяцінства знаёмы яму
Людская нядоля і гора.
У сэрцы гарачым успыхнуў агонь,
Цудоўная ліра зайграла:
Аб цяжкім уціску народа свайго
Узняў гнеўны голас Купала.
1 вядучы: Пісаць вершы Янка Купала пачаў ужо дарослым чалавекам. Пісаў усюды.
2 вядучы: Пра што б ні пісаў Янка Купала, яго слова заўсёды было звернута да народа, да тых,”хто церпіць без віны”, але мае свой гонар, імкнецца да свабоды і святла, ідзе змагацца за свае чалавечыя правы.
1 вядучы: Паэт упэўнены, што Беларусь зойме пачэснае месца сярод народаў свету, пакажа сваю самабытнасць, годнасць, высокую духоўную культуру, таму Янка Купала стварыў цэлую галерэю высокамастацкіх твораў
2 вядучы: Многія вершы Янкі Купалы пакладзены на музыку, а творчасць сусветна вядомага ансамбля “Песняры”, заснаваная на паэзіі Янкі Купалы, склала адну з самых яркіх, цікавых з’яў нацыянальнай айчыннай культуры.
—- выконваюцца песні
1. вядучы:1912 год. Менавіта тады ўпершыню Янка Купала сустрэўся з Якубам Коласам.
2.вядучы: Іх многае збліжала: амаль адначасова яны прыйшлі ў літаратуру, на працягу многіх гадоў тварылі і сябравалі. Жыццёвыя шляхі гэтых выдатных пісьменнікаў таксама блізкія.
— гучыць мелодыя “Мой родны кут”
****вядучыя змяняюцца
— фота : радзіма Якуба Коласа
3. вядучы: Непаўторныя і цудоўныя краявіды: Ласток, Нёман, засценак Акінчыцы
4.вядучы: Сядзіба Альбуць, урочышча Смольня, вёска Мікалаеўшчына. Жыццё на ўлонні прыроды зацепліла ва ўражлівым сэрцы хлопчыка паэтычны агонь
3. вядучы:Дзіцячыя гады Якуба Коласа прайшлі ў Вандроўках. Бацьку паэта, які служыў лясніком у князя Радзівіла, часта пераводзілі з месца на месца, але гэта не перашкодзіла атрымаць Якубу Коласу адукацыю.
4. вядучы: Будучаму паэту было толькі 12 гадоў, калі ён ад бацькі атрымаў свой першы ганарар: сярэбраны рубель за верш “Вясна”
І зіма, як дым прапала!
Зелянее луг, ралля
Як ад болю ачуняла
Наша родная зямля.
3. вядучы: Колас — гэта хлеб, гэта само жыццё, гэта значыць, што жыццём сваім і творчасцю паэт заўсёды будзе трывала спалучаны з народам, з роднай зямлёй.
4. вядучы:Коласавы песні працы і нядолі, жальбы і пратэсту абуджалі ў беларусаў пачуццё ўласнай годнасці, клікалі не згаджацца з наканаваннем зла, хлусні, несправядлівасці.
3.вядучы: Якуб Колас вельмі любіў прыроду. Ніхто да яго не змог так тонка і глыбока ўвасобіць яе прыгажосць, раскрыць духоўную еднасць прыроды і чалавека.
4.вядучы: Шматгранны талент пісьменніка: паэт, празаік, драматург, публіцыст, вучоны, педагог-практык. Яго творы — праўдзівае адлюстраванне жыцця.
1.вядучы: 1912 год — першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Жыў Якуб Колас на Нёмане, непадалёку ад вёскі Мікалаеўшчына.
Неяк раней ён паслаў Купалу пісьмо, запрасіў у госці, апісаў маршрут. Пазней Іван Дамінікавіч не раз успамінаў сваё падарожжа са Стаўбцоў да Смольні. Дарога была блытаная і “ большай часцю праходзіла лесам з рознымі адгаліненнямі дарог і дарожак управа і ўлева. Сустрэча была цёплая і змястоўная.
2. вядучы:У 1912 годзе настаўнік Канстанцін Міцкевіч прыехаў з сям’ёй у Мінск. Янка Купала, які таксама не мала павандраваў, прыехаў сюды раней. З гэтага часу народныя паэты сустракаюцца надзвычай часта. Яны прысутнічаюць на розных нарадах, на сходах, прымаюць удзел у сесіях, вечарах, завітваюць адзін да аднаго ў госці, чытаюць вершы, іграюць у шахматы, спяваюць песні. Але нядоўгімі былі цёплыя сустрэчы.
3. вядучы: 1941 год. Вялікая Айчынная вайна. Спыніўся час, спынілася звычайная плынь жыцця з працай, з творчасцю, з маленькімі, але такімі каштоўнымі радасцямі…
4.вядучы : Беларусь была цалкам захоплена ворагам. Гэту трагедыю разам з усім народам перажывалі Янка Купала і Якуб Колас.
1 вядучы: Паэты сустрэліся ў Маскве, ахопленыя адным і тым жа клопатам напісаць зварот да беларускага народа. Гэты зварот да пакутнай беларускай зямлі, да яе жыхароў быў выпушчаны лістоўкамі.
1.чытальнік: О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!
2.чытальнік: Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
1. чытальнік: Клічу вас я на пабеду,
Хай вам шчасцем свецяць дні,
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу
На святой нашай зямлі.
2 чытальнік. Я ведаю – загояцца ўсе раны,
З пажарышч край паўстане, расцвіце –
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце,
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны.
1 –вядучы: Але не суджана было дажыць Янку Купалу да светлага дня Перамогі: 28 чэрвеня 1942 года паэт, незадоўга да свайго 60-гадовага юбілею, трагічна загінуў.
(фота:Партрэт Я.Купалы)
2 –вядучы: Не стала сябра, паплечніка Янкі Купалы. Якуб Колас з болем пісаў:
Спі, мой браце, спачывай –
Не забудзе цябе край.
Шмат сцежак з табою прайшлі мы,
Адзін пракладаючы след.
І слухалі голас радзімы,
Каб несці той голас у свет.
Спі, баяне, спачывай –
Не забудзе цябе край.
— Гучыць песня “Спадчына”,
1 –вядучы: Янка Купала… Якуб Колас…
Спадчына, якую пакінулі народныя песняры, неўміручая.
Яны – паэты-праметэі. Іх мастацтва сёння дапамагае нам
Вытрымаць цяжкасці і пераадолець трывогі, знайсці кожнаму
свой шлях у жыцці. Яны – нашы сучаснікі, яны разам з намі.
2 –вядучы: Купала і Колас, вы нас гадавалі,
Вы звалі на волю
З цямноты, з прымусу,
Каб горда насілі імя беларуса;
Каб з ганьбай ніколі спіны не згіналі,
Каб цвёрда за праўду з братамі стаялі,
Каб сонца над нашай Радзімаю ззяла,
І Колас нас клікаў, і клікаў Купала.
Не раз пагражалі вам чорныя краты ,
Ды песня ў дарозе нідзе не прыстала,
Дык дзякуй Вам, Колас,
Дык дзякуй, Купала!
(П.Броўка “Купала і Колас, вы нас гадавалі”)
****Гучыць песня “Спадчына”
****Вядучыя кладуць кветкі да партрэтаў
Хата Янкі Купалы
Песняры Зямлі Беларускай
Заўсёды з намі Колас і Купала
Радзіма Якуба Коласа